Пра некаторыя вяселлі і фотасесіі хочацца абавязкова паведаміць больш дэталяў. І сёння я напішу вам менавіта пра такое вяселле. Я невыпадкова пішу зараз на беларускай мове, бо асаблівасцю гэтага вяселля была беларуская мова жаніха і нявесты. І канешне я не магла застацца да гэтага факту абыякавай, і як вялікі прыхільнік беларускай культуры і мовы з радасцю працавала на гэтым вяселлі толькі па-беларуску!
Знаёмцеся: Паша і Оля! Прыгожая, маладая, актыўная і вясёлая беларускамоўная пара!
Яны мне запомніліся з нашай першай сустрэчы ўжо тым, што прыехалі да мяне на веласіпедах. Я сама з’яўляюся вялікім аматарам веласіпедаў у штодзённым жыцці, і таму, канешне, гэта мне вельмі спадабалася! А калі выявілася, што пара яшчэ і беларускамоўная, то мае сімпатыі да іх ужо не мелі межаў!!!
Падчас планавання вяселля было вырашана, што фотасесія падзеліцца на дзве часткі: рамантычную і вясёлую. Рамантычныя фотаздымкі мы зрабілі на фоне прыгожай восеньскай прыроды.
А асаблівасцю вясёлай часткі фотасесіі было тое, што яна праходзіла на тэнісным корце! І тут з улікам актыўнасці Олі і Пашы і іх любові да спорту мы вырашылі выкарыстаць тэнісныя ракеткі і баксёрскія пальчаткі! Вось некалькі кадраў з таго, што ў нас атрымалася!
Мне заўсёды вельмі прыемна, калі пасля таго, як я аддам фотаздымкі, я атрымліваю станоўчыя водгукі ад сваіх маладых. Вось і ў гэты раз Паша і Оля напісалі мне свае ўражанні, якімі я не магу не падзяліцца з вамі:
«Чым больш глядзім нашыя здымкі — тым больш падабаецца) Наталка зрабіла для нас гэту восень сапраўды залатой!) Усё ярка, выразна і натуральна. З ёй мы рэалізавалі нашыя ідэі,а вясельле прайшло лепш чым чаканьні і ўяўленьні аб ім. Дзякуем і жадаем далейшай плённай працы!»
А наогул мне хочацца сказаць, што я вельмі рада, калі да мяне звяртаюцца цікавыя неардынарныя пары! Мая асноўная задача як фатографа – не штампаваць вяселлі, а рабіць шчаслівыя фотаздымкі маладых, на якіх было б бачна непаўторнасць іх адносін. І дзеля гэтага я гатова шмат працаваць, каб толькі мае кліенты былі задаволенымі! Таму, калі ў вашай пары цікавая гісторыя, ці ёсць незвычайныя прапановы па фотасесіі вяселля, можаце смела звяртацца да мяне! Я з радасцю падтрымаю любую вашу авантуру! Ну і калі вы ці вашыя знаёмыя размаўляеце па-беларуску і шукаеце фатографа, спадзяюся, вы ўжо ведаеце, да каго трэба звяртацца : )
Ваш беларускамоўны фатограф Наталля Залеская.
Leave a reply